Каляндар падзей

10 чэрвеня 1562 г. пратэстанцкі дзеяч і філосаф Сымон Будны (1530 – 1593) напісаў прадмову да сваёй кнігі “Катехисис то есть наука стародавняя христианская Светого письма для простых людей языка русского в пытаниях и отказах собрана”, якая была выдадзена ў Нясвіжскай друкарні. “Катэхізіс…” стаў першай друкаванай кнігай на беларускай мове, якая ўбачыла свет у межах сучаснай Беларусі. Акрамя таго, ён з’яўляецца выдатным помнікам філасофскай думкі сяр. XVI ст. Кніга адкрывалася прысвячэннем князям Радзівілам – уладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны быў адным з галоўных дзеячоў Рэфармацыі ў ВКЛ – і мела 4 раздзелы: “Аб дзесяці запаведзях Божых”, “Аб веры”, “Пра малітву Госпада” і “Аб тайнах”. Да выдання кнігі спрычыніліся нясвіжскі намеснік Мацей Кавячынскі і мясцовы кальвінскі прапаведнік Лаўрэн Крышкоўскі. “Катэхізіс…” дазваляў вернікам самастойна знаёміцца з асновамі хрысціянскага веравучэння абмінаючы “манаполію” афіцыйнай царквы. Твор Буднага прыцягнуў увагу адукаваных людзей як у ВКЛ, так і за яго межамі. У 1628 г. яго нават перавыдалі ў Швецыі для пашырэння Хрыстовай навукі сярод жыхароў Маскоўскай дзяржавы, якія сталі шведскімі падданымі.