Каляндар падзей

11 чэрвеня 1551 г. Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў урад віленскага ваяводы. Адначасова за ім былі пакінуты ранейшыя пасады маршалка земскага (атрымаў у 1544 г.) і канцлера Вялікага Княства Літоўскага (атрымаў у 1550 г.). Маршалак кіраваў дваром вялікага князя, прымаў замежных паслоў, камандаваў прыдворнай вартай. Канцлер захоўваў вялікую пячатку ВКЛ, без прыкладання якой ні адзін дакумент не набываў моцы, сачыў за падрыхтоўкай і выданнем законаў, кіраваў работай канцылярыі ВКЛ. Пасада віленскага ваяводы была адной з найбольш прэстыжных у дзяржаве. Спалучэнне трох вышэйшых пасад у руках адной асобы яшчэ больш узняло прэстыж і вагу М. Радзівіла Чорнага і ў немалой ступені спрыяла таму, што яго называлі “некаранаваным каралём”. 20 студзеня 1560 г. Радзівіл дамогся ад караля прывілея, якім вызначалася, што віленскія ваяводы сярод сенатараў Вялікага Княства будуць займаць другое месца пасля віленскіх біскупаў, але перад астатнімі каталіцкімі біскупамі – луцкім, валынскім і кіеўскім. Вышэйшыя ўрады ваяводы, канцлера і маршалка князь захоўваў за сабой да самай смерці ў 1565 г.