Каляндар падзей

12 чэрвеня 1597 г. адбылася першая служба ў нясвіжскім бенедыкцінскім касцёле. Сёстры-бенедыкцінкі прыбылі ў горад у 1591 г. па запрашэнні Мікалая Крыштапа Радзівіла і яго жонкі Эльжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх. Як і муж, яна выхоўвалася ў традыцыях кальвінізма, але неўзабаве пасля вяселля перайшла ў лона каталіцкай царквы і шмат зрабіла для яе распаўсюджвання. Першапачаткова бенедыкцінкі размясціліся ў драўляным кляштары збудаваным для іх недалёка ад горада. Адначасова з гэтым пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, а неўзабаве – і кляштара, куды сёстры пераехалі ў 1596 г. Некаторыя навукоўцы лічаць, што работамі кіраваў італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні. У 1598 г. будаўніцтва комплекса цалкам завяршылася. Касцёл быў прысвечаны Святой Яўфіміі – нябеснай патронцы Эльжбеты Яўфіміі Радзівіл і стаў другім каталіцкім храмам радзівілаўскага Нясвіжа (пасля езуіцкага касцёла Божага Цела). Набажэнствы ў ім адбываліся да 1866 г., калі ён быў перароблены на праваслаўную царкву. Яшчэ праз 11 гадоў быў скасаваны і бенедыкцінскі кляштар.