Каляндар падзей

13 чэрвеня 1702 г. у Алыцы на Валыні нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл, ІХ нясвіжскі ардынат у 1719 – 1762 гг., які таксама вядомы пад мянушкай “Рыбанька”. У гісторыю князь увайшоў як дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат. Пасля смерці бацькі Караля Станіслава ў яго руках апынуліся нясвіжскія і алыцкія ўладанні, што зрабіла Міхала адным з багацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Багацце і ўплыў Радзівіла яшчэ больш павялічыліся прасля шлюбу з Францішкай Уршуляй Вішнявецкай. З 1720 г. князь актыўна займаўся палітыкай, неаднаразова абіраўся паслом на соймы, займаў вышэйшыя пасады польнага і вялікага гетмана (з 1744 г.), троцкага кашталяна і ваяводы (1735 – 1742), віленскага кашталяна (1742 – 1744) і ваяводы (з 1744 г.). Міхал Казімір прыклаў шмат намаганняў для адраджэння Нясвіжа, разбуранага ў гады Паўночнай вайны. Пры ім быў адноўлены княжацкі палац і рэзідэнцыя ў Альбе, пачала дзейнічаць друкарня, быў заснаваны кадэцкі корпус, тэатр і балетная школа. У свае ўладанні М. К. Радзівіл запрашаў архітэктараў, мастакоў, рамеснікаў. Князь трымаў шэраг мануфактур, некаторыя з якіх запачаткавала яшчэ яго маці Ганна Кацярына з Сангушкаў: суконную і дывановую ў Нясвіжы, шкляныя ў Налібоках і Ўрэччы, фаянсавую ў Свержані, шоўкавых паясоў у Слуцку. Шмат гадоў М. К. Радзівіл вёў дзённік (“Дыярыуш…”) у якім фіксаваў амаль кожны пражыты дзень.

13 чэрвеня 1746 г. з нагоды імянін мужа Міхала Казіміра Радзівіла Францішка Уршуля паставіла сваю першую п’есу “Дасціпнае каханне”. Гэта быў падарунак для князя, які прывык урачыста адзначаць сямейныя святы. Францішка працавала над творам некалькі тыдняў. Пры гэтым яна рабіла стаўку не на драматургічную паэтыку, а на яркую відовішчнасць (у спектаклі каля 70 дзеючых асоб) і прывабнасць для гледачоў. У дзённіку М. К. Радзівіла запісана: “Пасля абеду з усёй кампаніяй ездзіў да Альбы; там кампазіцыі жонкі маёй вельмі добрая адбылася камедыя, дзецьмі маімі і паннамі і прыдворнымі, усё знакамітымі людзьмі з адабрэннем усіх гледачоў. Потым пад намётамі была вячэра, па сканчэнні якой пры прыгожай ілюмінацыі адбыўся феерверк і потым мы вярнуліся на нач да Нясвіжа”. Першы паказ спектакля аказаўся апошнім. У далейшым яго не ставілі. Але заахвочаная поспехам у гледачоў княгіня падрыхтавала п’есу “Справа боскай наканаванасці”, прэм’ера якой прайшла 11 снежня, а праз колькі дзён адбыўся паўторны паказ. З кожным новым творам удасканальвалася майстэрства аўтаркі – Францішкі Уршулі Радзівіл. Магчыма, па гэтай прычыне самая першая п’еса здавалася ёй недасканалай і болей не ўвасаблялася на сцэне.

13 чэрвеня 1775 г. у Вільні нарадзіўся Антоній Генрых Радзівіл, ХІІ нясвіжскі ардынат у 1814 – 1833 гг. Ён быў сынам віленскага ваяводы Міхала Гераніма і Алены Пшаздзецкай. З юначых гадоў князь, разам з бацькамі, жыў у Берліне. Ажаніўся на прынцэсе Луізе Гогенцолерн – пляменніцы прускага караля Фрыдрыха ІІ Вялікага і стаў заснавальнікам берлінскай галіны рода, прадстаўнікі якой доўгі час займалі віднае становішча пры каралеўскім двары. Калі ў 1813 г., у выніку гібелі Дамініка Радзівіла, нясвіжскія ўладанні засталіся без гаспадара, указам імператара Аляксандра І ад 17 сакавіка 1814 г. Антоній Генрых быў прызначаны чарговым нясвіжскім ардынатам. Праўда ён больш увагі надаваў сваім уладанням у Прусіі і на Пазнаньшчыне. Але пры ім былі вырашаны некаторыя спрэчныя пытанні, што цягнуліся шмат гадоў. У прыватнасці, часткова былі сплочаны вялікія запазычанасці папярэдніх ардынатаў, а маёнткі сталі прыносіць стабільны прыбытак; адбыўся падзел маёмасці паміж Радзівіламі і Вітгенштэйнамі. Таксама з Нясвіжа ў Берлін была вывезена калекцыя твораў заходнееўрапейскага мастацтва. Памёр Антоній Генрых у 1833 г.