Каляндар падзей

14 чэрвеня 1927 г. на аукцыёне “Christie’s” былі выстаўлены на продаж некаторыя прадметы ўзбраення і рыцарскага рыштунку са збраёўні нясвіжскага палаца. Ініцыятарам продажы сямейных рэліквій выступіў XVI нясвіжскі ардынат Антоній Альбрыхт Радзівіл, які адчуваў нястачу сродкаў (пасля войн і сацыяльных катаклізмаў пач. ХХ ст. багацце Радзівілаў істотна зменшылася). Гэта быў не першы распродаж. За год да таго, 29 чэрвеня 1926 г., на аукцыёне “Sotheby’s” былі выстаўлены 130 адзінак, у тым ліку часткі даспехаў Мікалая Радзівіла Чорнага і Крыштапа Радзівіла Пяруна. Не на ўсё знайшліся пакупнікі, але некаторыя рарытэты назаўсёды апынулася за мяжой. Менавіта з аукцыёна  “Christie’s” у зборы Метраполітан-музея ў Нью-Ёрку трапіў пейтрал – элемент конскага нагрудніка, зроблены ў Нюрнбергу на пачатку XVI ст. На думку даследчыкаў, тады ж у Нью-Ёрк маглі трапіць больш за паўсотні элементаў рыцарскіх рыштункаў – латаныя рукавіцы, шлемы, часткі кальчужных даспехаў, ахоўныя пласціны, налакотнікі і накаленнікі і г.д. Усяго ў фондах Метраполітан-музея знаходзіцца 106 прадметаў, якія маюць тое ці іншае дачыненне да нясвіжскіх збораў.