Каляндар падзей

15 чэрвеня 1792 г. падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай нясвіжскі замак быў заблакаваны 8-тысячным корпусам расійскіх войск. У замку знаходзіўся гарнізон з 867 жаўнераў радзівілаўскай міліцыі, сярод якіх быў 191 артылерыст. Аднак, камендант фартэцыі, Д. Дзядзерка не надта жадаў абараняць крэпасць. Не вызначаліся высокім баявым духам і шараговыя абаронцы. Таму камендант даволі хутка пайшоў на перамовы з непрыяцелем, у выніку чаго фартэцыя здалася. Жаўнеры былі раззброены і распушчаны па дамах, а ўся зброя і амуніцыя дасталіся пераможцам. Пазней, апраўдваючы капітуляцыю, камендант сцвярджаў, што не мог абараняцца, паколькі незадоўга да пачатку аблогі камісар Мацея Радзівіла загадаў схаваць значную частку гармат. А тыя, які ўдалося выцягнуць са схованак, не мелі лафетаў і значыць былі непрыдатныя для абароны. Таксама Д. Дзядзерка сцвярджаў, што перад тым, як здаць замак ён загадаў схаваць 66 гармат з зарадамі, каб яны не трапілі ў рукі ворага. Неўзабаве пасля прайгранай вайны адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, пасля якога Нясвіж увайшоў у склад Расійскай імперыі.