Каляндар падзей

16 чэрвеня 1589 г. у Нясвіжы нарадзіўся Альбрыхт Уладзіслаў Радзівіл, сын Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі і Эльжбеты Яўфіміі Вішнявецкай. Пачатковую адукацыю здабыў у нясвіжскім езуіцкім калегіуме, потым навучаўся ў Браневе і Аўгсбургу, падарожнічаў па Еўропе. Пасля вяртання на радзіму прымаў удзел у вайсковых паходах на Інфлянты і Масковію. Займаў пасады стольніка (1620 г.) і крайчага (1622 г.) літоўскага, трокскага кашталяна (1626 г.) і ваяводы (1633 г.). Быў адным з кандытаў на пасаду польнага гетмана, але адмовіўся ад яе. Пасля смерці старэйшага брата Альбрыхт Уладзіслаў у 1626 г. стаў ІІІ нясвіжскім ардынатам. Менавіта ў яго час быў складзены першы інвентар Нясвіжа 1628 – 1629 гг., які захаваўся да нашых дзён. Згодна яго ў горадзе было 177 хрысціянскіх і 27 яўрэйскіх дамоў. Хаця Нясвіж з часоў Сіроткі заставаўся адным з прыгажэйшых гарадоў Вялікага Княства, Альбрыхт бываў тут рэдка. Ён больш любіў сваю рэзідэнцыю ў Чарнаўчыцах, каля Бярэсця, дзе ў асноўным праводзіў час. Тут ён і памёр у ліпені 1636 г. Князь быў двойчы жанаты, меў трох дачок і сына, які памёр у маленстве. З дзяўчынак адна памерла дзіцём, а дзве сталі манашкамі.