Каляндар падзей

18 чэрвеня 1586 г. пасля атрымання каралеўскага прывілея на магдэбургскае права (23 красавіка 1586 г.) Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка выдаў уласны прывілей Нясвіжу, дзе былі падрабязна распісаны правы і абавязкі мяшчан. Горадам кіраваў магістрат на чале з войтам, куды ўваходзілі 4 бурмістра, 4 радца і 2 лаўніка. Мяшчане атрымлівалі ў карыстанне ўсе свае пляцы і 100 валок зямлі (2 136 га) у ваколіцах горада, вызваленай ад падаткаў на 50 гадоў. Акрамя таго ў гарадскі скарб паступаў прыбытак ад крамаў, бровараў, васкабойняў, лазняў. Нясвіжане набылі права вольнага гандлю ва ўсёй Рэчы Паспалітай. За гэта яны абавязаны былі рамантаваць гарадскія валы, выдзяляць сродкі на ўтрыманне касцёла (1 грош з двара плябану), арганіста (8 коп грошай штогод), школы (24 капы грошай) і шпіталя (40 коп грошай). Таксама мяшчане павінны былі збудаваць мураваную ратушу і дзве брамы на ўездзе ў горад – “адну вялікую ад Міра і другую меншую, дзе ўказана будзе, каб места замкнёна было”. У выпадку стыхійных бедстваў, такіх як павадкі і пажары, абывацелі былі абавязаны “як замак, так і места ратаваць”. Прывілеі Стэфана Баторыя і Мікалая Радзівіла паклалі пачатак інтэнсіўнаму развіццю Нясвіжа. Напрыканцы жыцця сваім дзецям Сіротка загадваў няўхільна выконваць выдадзены ім прывілей.

18 чэрвеня 1758 г. жмудскі біскуп Антоні Тышкевіч асвяціў замкавую капліцу іконы Ларэтанскай Божай Маці. Гэта падзея стала для Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, які любіў розныя набажэнствы і ўрачыстасці, падставай для запрашэння шматлікіх гасцей – свецкіх сенатараў, біскупаў, духавенства і шляхты. Людзей было так шмат, што іх ледзьве ўдалося размясціць у пакоях палаца. Абраз Ларэтанскай Божай Маці быў знойдзены пад Венай у 1683 г. і перададзены каралю Яну ІІІ Сабескаму, які разграміў каля гэтага горада турэцкае войска, чым уратаваў Еўропу ад асманскага нашэсця. Абраз лічыўся сямейнай рэліквіяй Сабескіх з якімі Радзівілы знаходзіліся ў блізкім сваяцтве. Пасля згасання каралеўскага роду некаторыя каштоўнасці, уключаючы ікону Ларэтанскай Божай Маці, перайшлі да Радзівілаў і апынуліся ў Нясвіжы. Капліца, з некаторымі перапынкамі, дзейнічала да 1939 г. У савецкі час, калі ў палацы размяшчаўся санаторый, яна была пераабсталявана пад працэдурныя кабінеты. У нашы дні адноўлена і зноў асвечана 9 лютага 2013 г.