Каляндар падзей

19 чэрвеня 1751 г. рэйнскі электар Карл Тэадор падпісаў адмову на карысць нясвіжскіх Радзівілаў ад “Нойбургскіх уладанняў”. Так называліся землі біржанскай лініі роду, згаслай у 1669 г.: Слуцкае і Капыльскае княствы, Себежскае і Невельскае графствы, Копысь, Койданава, Біржы, Дубінкі і інш. Спрэчка цягнулася з 1688 г. Згаданыя землі былі спадчынай Людвікі Караліны Радзівіл, якая выйшла замуж за рэйнскага электара Карла Філіпа. Адначасова на іх прэтэндавалі нясвіжскія Радзівілы, кароль Ян ІІІ Сабескі, Сапегі, пазней у спрэчку ўцягнуліся іншыя прэтэндэнты. Справа аб прыналежнасці маёнткаў неаднойчы разбіралася ў судах, паміж супернікамі адбываліся ўзброеныя сутычкі. У 1732 г. за 2 млн. злотых ад сваіх прэтэнзій адмовіліся Сапегі. Радзівілы атрымалі “Нойбургскія маёнткі” у заставу і адначасова працягвалі спрэчкі з электарам. Разглядалася нават магчымасць шлюбнага саюзу, які мусіў прымірыць бакі. Але немцы аддалі перавагу грашовым выплатам. За адмову электара ад сваіх прэтэнзій Радзівілы выклалі немалую суму. У 1749 г. яны заплацілі апошнюю частку, а ў 1751 г. Случчына і іншыя ўладанні канчаткова сталі іх уласнасцю.