Каляндар падзей

20 чэрвеня 1562 г. памерла Эльжбета Шыдлавецкая, жонка Мікалая Радзівіла Чорнага. Княгіне было 29 гадоў, 14 з якіх яна пражыла ў шлюбе з Мікалаем. У іх нарадзілася пяцёра сыноў і чатыры дачкі. З усіх дзяцей толькі адзін хлопчык памёр у малым узросце, што для таго часу было сапраўдным цудам, якое сучаснікі звязвалі з набожным ладам жыцця княгіні. Яе лічылі ўзорам жонкі і маці. На смерць княгіні адгукнуўся лацінамоўнай эпітафіяй віленскі паэт Пётр Разіуш. На пахаванні было прачытана два развітальныя казанні складзеныя кальвінскімі прапаведнікамі з атачэння М. Радзівіла. Некалькі пазней з’явіліся польскамоўныя дыдактычныя нататкі “Аб непазбежнасці смерці” прызначаныя для выхавання дзяцей нябожчыцы. Самым значным творам прысвечаным Эльжбеце стала польскамоўная паэма Цыпрыяна Базіліка “Апісанне смерці і пахавання княгіні Эльжбеты Радзівіл”, якая выйшла ў тым жа годзе ў Берасцейскай друкарні. У ёй дэталёва апісаны апошнія дні і гадзіны жыцця глыбока рэлігійнага чалавека. Твор Ц. Базіліка стаў першым узорам фунеральнай (пахавальнай) польскамоўнай паэзіі Беларусі.