Каляндар падзей

24 чэрвеня 1586 г. згодна прывілея караля Стэфана Баторыя, выдадзенага ў Гародні,  Нясвіж атрымаў уласны герб. У прывілеі, які акрамя караля падпісаў падканцлер ВКЛ Леў Сапега, сказана: “К тому надали есьмо тому ж месту Несвижскому, старому и новому, и мещаном тех мест, теперещним и напотом будучим, на вечные часы герб: з одное стороны – орла половицу чорного, яко бы вдолж перетятого, з зуполным носом, з другое стороны – десеть линей, уверх крывовынесеных, прыровнываючы тые места Несвижские во всих справах, вольностях и свободах головным местом нашым, Корунным и месту Великого князьства Литовского Виленьскому”. На пергаменце была змешчана і выява герба. Наданне гораду ўласнага сімвала сведчыла, што ён перайшоў на якасна новы ўзровень развіцця, падкрэслівала статус Нясвіжа, як цэнтра радзівілаўскіх уладанняў. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі, герб нададзены С. Баторыем, стаў асновай для герба заштатнага горада Нясвіжа, зацверджанага Кацярынай ІІ 22 студзеня 1795 г. Ён жа выкарыстоўваўся ў часы Другой Рэчы Паспалітай (зацверджаны пастановай міністра ўнутраных спраў ад 3 кастрычніка 1933 г.). Ён жа з’яўляецца сучасным геральдычным сімвалам горада (унесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь 23 красавіка 2001 г. пад № 51).