Каляндар падзей

25 чэрвеня 1583 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка дасягнуў Ерусаліма – галоўнай мэты свайго падарожжа, у якое выправіўся ў верасні 1582 г. У сваёй “Перэгрынацыі…” князь запісаў: “За паўтары гадзіны да заходу сонца прыйшлі мы ў Ерусалім і паводле звычаю спыніліся пры браме Рыбнай. Забраўшы ў нас зброю (якую толькі ў дарозе насіць можна) туркі нас да кляштара Святога Збаўцы правялі. Увайшоўшы ў царкву і ўкленчыўшы заспявалі мы «Те DeumLaudamus», дзякуючы Госпаду Богу за такое вялікае дабрадзейства, што ён нас здарова і шчасліва давёў да тых Святых мясцін, дзе яго Найсвяцейшыя ногі ступалі”. Будучы ў Ерусаліме князь тройчы маліўся ў храме каля Труны Гасподняй, агледзеў мясціны і рэліквіі звязаныя з пакутамі Хрыста; прайшоў Дарогай Смутку, па якой Ісуса вялі на ўкрыжаванне; падняўся на гару Кальварыю. Акрамя таго ён наведаў Віфліем і Мёртвае мора. У Ерусаліме князь быў пасвечаны ў рыцары ордэна Труны Гасподняй. 9 ліпеня праз тую ж Рыбную браму ён пакінуў горад. З Палесціны Сіротка накіраваўся ў Трыпаліс, а адтуль – у Егіпет, дзе правёў блізу двух месяцаў.