Каляндар падзей

26 чэрвеня 1764 г. адбылася бітва пад Слонімам паміж расійскім войскам і прыватнымі аддзеламі Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Бітва стала сваеасаблівай кульмінацыяй у барацьбе Радзівіла супраць абрання на каралеўскі трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага, за якім стаяла расійская імператрыца і партыя Чартарыйскіх. Перад гэтым, расійскі корпус, разам з саюзнымі аддзеламі войска ВКЛ заняў Нясвіж, а грэнадзёрскі атрад падпалкоўніка Бока – Слонім. Дазнаўшыся аб гэтым, Радзівіл, які быў на сойме ў Варшаве, накіраваў сюды 4-тысячны атрад. У 8 гадзін раніцы радзівілаўская міліцыя атакавала пазіцыі непрыяцеля, але была сустрэта моцным агнём ружжаў і гармат. Паўторная атака праз гадзіну таксама не мела поспеху. Князь, які не ўдзельнічаў у бітве (ён адпачываў у адным са сваіх маёнткаў), дазнаўшыся пра паразу быў вымушаны ўцякаць з Рэчы Паспалітай. Яго гарады сталі здабычай непрыяцеля, сам ён быў абвешчаны “ворагам Айчыны” і тры гады быў вымушаны жыць за мяжой як палітычны эмігрант.