Каляндар падзей

27 чэрвеня 1910 г. расійскімі ўладамі была забаронена дзейнасць нясвіжскай культурна-асветніцкай арганізацыі “OgniskoPolskie” (“Польскі агмень”), якая існавала з 1906 г. Незадоўга перад тым была забаронена дзейнасць мясцовай суполкі “O?wiata” (“Асвета”), якая апекавалася польскім школьніцтвам. Падставай для ліквідацыі “Агменя…” сталі парушэнні, выяўленыя падчас рэвізій (вядзенне дакументацыі на польскай мове, адкрыццё секцый без спецыяльнага дазволу і г.д.). За гады існавання арганізацыя набыла вялікую папулярнасць у нясвіжан, пры ёй дзейнічалі музычная секцыя, бібліятэка, драматычны гурток, ваенна-спартыўны аддзел. З 1910 г. застаўся толькі тэатральны гурток, які ставіў п’есы да 1915 г. Самадзейны тэатр карыстаўся папулярнасцю. Яго пастаноўкі адбываліся ў галоўнай залі ратушы. На гастролі прыязджалі артысты з іншых гарадоў, напрыклад, салісты Варшаўскай кансерваторыі. Адказным распараднікам на некаторых спектаклях выступаў князь Антоній Альбрыхт Радзівіл.