Каляндар падзей

28 чэрвеня 1812 г. Дамінік Радзівіл на чале 8-га ўланскага палка Вялікай Арміі Напалеона першым увайшоў у Вільню, пакінутую расійскімі войскамі. “Часовая Мінская газета” (№ 4 ад 26 ліпеня 1812 г.) пісала пра той дзень: “Ледзь толькі расіяне выйшлі за Антокаль і Зялёны Мост, як зарас жа паказаліся першыя польскія і французскія абозы. Магістрат, знатныя жыхары і большая частка люда выйшлі з места з ключамі для сустрэчы непераможнага войска. Імператар Напалеон прыняў іх са звычайнай сваёй ласкавасцю. Потым, праскакаўшы на кані перад шэрагамі войска, ён аддаў загад увайсці ў горад. Першымі ўвайшлі ў ягелонскую сталіцу ўланы з 8-га рэгімента пад водствам князя Дамініка Радзівіла. Від польскіх сцягоў абудзіў у памяці кожнага абывацеля найшляхетнейшыя пачуцці. Хутка мы ўбачылі на берагах Віліі шмат рыцараў, якія ўславілі імя паляка над Дунаем, Цібрам і нават над Нілам. Паміж імі мы бачылі князёў Радзівілаў, Сапегаў, Сангушкаў, графаў Красінскіх, Хадкевічаў, генерала Сакольскага, Канопку, Хлапіцкага, Аксамітоўскага і шмат іншых, імёны якіх заўжды будуць дарагімі для літвінаў”.