Каляндар падзей

29 чэрвеня 1583 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка атрымаў прывілей на званне рыцара ордэна Труны Гасподняй. Ордэн быў утвораны падчас крыжовых паходаў. Яго галоўнымі задачамі абвяшчаліся падтрымка і абарона каталіцкай царквы на Святой Зямлі, распаўсюджванне хрысціянства на Блізкім Усходзе. Атрымаўшы прывілей, падпісаны францысканцам Анджэло Стэла, князь падараваў храму Труны Гасподняй залаты келіх са сваім іменем і гербамі, а срэбны з пазалотай келіх – храму Нараджэння Гасподняга ў Віфліеме. Акрамя таго, абяцаў штогод ахвяраваць 100 дукатаў на патрэбы бенедыкцінскага кляштара Святога Збаўцы ў Ерусаліме, і 25 дукатаў – на вечную лампаду каля Труны Гасподняй. Да таго ж, убачыўшы цяжкі стан у якім знаходзілася хрысціянская царква ў Палесціне, князь выказаў намер збіраць для яе сродкі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы: “у краі нашым людзей богабаязных да ўратавання тае царквы заклікаць і дапамогі на тое ад іх прасіць”. У далейшым Сіротка вельмі цаніў сваё рыцарскае званне. Пячатка з выявай ерусалімскага крыжа – сімвалам ордэна, паступова замяняла родавую. Ерусалімскі крыж можна бачыць нават на ствалах гармат, якія былі адліты ў Нясвіжы па заказу князя.