Каляндар падзей:

3 чэрвеня 1767 г. Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае пасля выгнання. Пане Каханку пакінуў краіну ў 1764 г., пацярпеўшы паразу ў барацьбе з прарасійскі настроенымі групоўкамі шляхты. За тры гады сітуацыя змянілася і ён стаў патрэбны на радзіме. 24 мая 1767 г. князь прыбыў з Дрэздэна ў Гданьск, а праз два тыдні яго вітала сталіца ВКЛ. Сустракаць Караля Станіслава выйшлі натоўпы людзей, у тым ліку прадстаўнікі магістрата, шляхты і духавенства. У яго гонар званілі званы і салютавалі гарматы. Неўзабаве Радзівіл быў абраны маршалкам Радамскай канфедэрацыі, якая выступала супраць узмацнення ўлады караля Станіслава Панятоўскага. Генеральная канфедэрацыя прыняла пастанову аб адмене ўсіх ранейшых дэкрэтаў, скіраваных супраць Радзівіла. Яму вярнулі канфіскаваныя маёнткі, а ў сакавіку 1768 г. зноў абралі на пасаду віленскага ваяводы. Трыумф аказаўся нядоўгім. К. С. Радзівіл не стаў правадніком расійскай палітыкі, на што разлічвала Кацярына ІІ гарантуючы яму бяспеку пры вяртанні. З-за гэтага ў ліпені 1769 г. Пане Каханку быў вымушаны зноў пакінуць радзіму і туляцца за мяжою. За перыяд свайго кароткага перабывання ў Нясвіжы князь толькі паспеў аднавіць дзейнасць кадэцкага корпуса.