Каляндар падзей

30 чэрвеня 1724 г. адбыўся ўрачысты ўезд у Нясвіж Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, які сімвалізаваў пачатак адраджэння горада, спустошанага шведамі ў гады Паўночнай вайны. М. К. Радзівіл стаў ардынатам яшчэ ў 1719 г. і адразу ж распачаў захады па адбудове і засяленні горада. Падчас падарожжа па Еўропе ў 1721 – 1723 гг. князь не мог надаваць значнай увагі Нясвіжу і толькі ў 1724 г. ўшчыльную заняўся фамільнай рэзідэнцыяй. Ужо 26 ліпеня ён выдаў прывілей з падцвярджэннем усіх правоў, нададзеных Нясвіжу ягонымі продкамі і дазволам прымаць перасяленцаў з іншых мясцін. Для адбудовы горада і палаца быў запрошаны архітэктар Казімір Ждановіч. У часы М. К. Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы была адбудавана ратуша, пачала дзейнічаць друкарня, тэатр, кадэцкі корпус, дывановая і суконная мануфактуры. З 1731 г. рэгулярна праводзіліся спаборніцтвы па стральбе, якія сталі адметнай старонкай гарадскога жыцця. Таксама Міхал Казімір унёс некаторыя змены ў статус ардынацыі, пашырыў правы землеўласнікаў у Нясвіжскім княстве і Мірскім графстве. Да ўсяго трэба дадаць, што па яго ініцыятыве быў распісаны касцёл Божага Цела і ўпарадкаваны фамільныя пахаванні ў ягонай крыпце.