Каляндар падзей

5 чэрвеня 1674 г. Міхал Казімір Радзівіл прысутнічаў у Варшаўскім кафедральным саборы падчас прысягі новаабранага караля Яна ІІІ Сабескага. Радзівіл знаходзіўся ў блізкім сваяцтве з новым каралём і вялікім князем – быў жанаты на яго родная сястры Кацярыне. На момант заключэння гэтага шлюбу Сабескія не маглі пахваліцца асблівым багаццем і ўплывам. Але атрымаўшы булаву спачатку польнага, а потым вялікага кароннага гетмана Ян Сабескі здабыў славу пераможцы над туркамі і крымскімі татарамі, што спрыяла росту ягонай папулярнасці. Міхал Казімір Радзівіл – польны гетман і падканцлер ВКЛ быў адным з паплечнікаў сваяка. У студзені 1674 г., падчас выбараў новага манарха, сярод кандыдатур называлі і імя М. К. Радзівіла, але той адмовіўся і першым сярод літвінаў аддаў свой голас за абранне Сабескага. У многім дзякуючы радзівілаўскай падтрымцы Ян Сабескі пераадолеў супраціўленне магутнай групоўкі Пацаў і атрымаў карону. З першых дзён панавання швагра Міхал Казімір стаў адным з самых блізкіх яго аднадумцаў. Ён прымаў удзел ва ўсіх паходах войска Рэчы Паспалітай супраць Турцыі. У 1679 г. быў накіраваны ў Заходнюю Еўропу з дыпламатычнай місіяй – вёў перамовы аб стварэнні антытурэцкай кааліцыі.

5 чэрвеня 1731 г. па ініцыятыве ІХ нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі пачынаецца перабудова паркавага комплекса Альба. Дата зафіксавана ў дзённіку Радзівіла: “Гэтага дня распачаў пост і па абедзе, развітаўшыся з маткай маёй, выехалі мы да Альбы, і там паклаў пачатак рэзідэнцыі маёй, дай Божа каб шчасліва!”. Некаторыя работы па аднаўленню Альбы, спустошанай падчас шведскай нашэсця, былі праведзены яшчэ Ганнай Кацярынай Радзівіл. Але відавочна зробленае не задавальняла князя. Пасля 1731 г. тут быў пабудаваны палац, перабудаваны Эрэмітэрыум – княжацкі дом для адасаблення гаспадара, упарадкаваны звярынец (сярод іншага тут трымалі японскіх свінняў і вярблюдаў), закладзены новы парк, збудавана “алендарня” – жыллёва-гаспадарчы комплекс. Над праектам па пераўладкаванні Альбы працавала некалькі архітэктэктараў і будаўнікоў пад агульным кіраўніцтвам Казіміра Ждановіча. Альба з’яўлялася ўлюбёным месцам адпачынку князя падчас яго прыездаў у Нясвіж. Разам з замкам і езуіцкім кляштарам Святога Міхала, яна найчасцей згадваецца ў дзённіку.