Каляндар падзей

7 чэрвеня 1752 г. Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў намінацыю на ўрад падчашага літоўскага. Гэта была першая дзяржаўная пасада, якую заняў 18-гадовы сын вялікага гетмана Міхала Казіміра Радзівіла, будучы “Пане Каханку”. На той час ён ужо быў кавалерам ордэна Святога Губерта, камандзірам коннай харугвы ў войску ВКЛ, абіраўся паслом Трыбунала і соймаў Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (чашнік) павінен быў падаваць вялікаму князю напоі, папярэдне пакаштаваўшы іх сам. Пасада лічылася адной з самых пачэсных у прыдворнай іерархіі і займаць яе маглі толькі прадстаўнікі магнацкіх родаў. З 1410 г. да абрання К. Радзівіла на гэтай пасадзе пабывала 38 чалавек, сярод якіх Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, прадстаўнікі дамоў Вішнявецкіх, Чартарыйскіх, Кезгайлаў, Астрожскіх, многія Радзівілы. Караль Станіслаў заставаўся падчашым кароткі тэрмін. 23 кастрычніка 1752 г. на гэта месца быў абраны Казімір Андрэй Масальскі, а Радзівіл стаў мечнікам Вялікага Княства Літоўскага. Пазней, у 1762 г., заняў урад віленскага ваяводы – адну з вышэйшых дзяржаўных пасад.