Каляндар падзей

8 чэрвеня 1686 г. Ежы Юзаф Радзівіл (1668 – 1689), VII нясвіжскі ардынат з 1680 г. атрымаў урад падчашага літоўскага – адну з вышэйшых прыдворных пасад. Наданне было сваеасаблівай платай з боку караля Яна ІІІ Сабескага за выкананне князем ягоных дыпламатычных даручэнняў. Падчас замежнага падарожжа Е. Ю. Радзівіл, разам з братам Каралем, ездзіў у Англію дзе перадаў каралю Якаву ІІ Сцюарту віншаванні Яна Сабескага з нагоды ўступлення на трон. Пазней браты выправіліся ў Партугалію, дзе павінны былі правесці перамовы адносна шлюбу каралевіча Якуба з інфантай Ізабэлай. Аднак, пакуль Радзівілы ехалі з Парыжа да Лісабона пры партугальскім двары вырашылі, што польскі каралевіч не падыходзіць для інфанты і браты нават не атрымалі аўдыенцыі ў караля Пэдра ІІ. Тым не менш Ян ІІІ высока ацаніў іх намаганні. Аб сваім абранні на ўрад падчашага Ежы Радзівіл дазнаўся будучы ў Парыжы. Ён яшчэ паспеў наведаць Рым, дзе атрымаў аўдыенцыю ў Папы; Берлін, дзе рабіў захады па арганізацыі шлюбу Караліны Людвікі Радзівіл з Якубам Сабескім; Дэсау, дзе ажаніўся з дачкой брандэнбургскага князя Марыяй Элеанорай. І толькі ў лістападзе 1687 г. прыбыў у Белую. Падчашым Е. Ю. Радзівіл заставаўся да 31 снежня 1688 г., калі атрымаў пасаду троцкага ваяводы.

8 чэрвеня 2000 г. у крыпце нясвіжскага касцёла Божага Цела адбылося апошняе пахаванне. У адмысловай нішы была замуравана урна з прахам Антонія Мікалая Радзівіла (нар. у 1935 г.), які памёр у Лондане у лютым 1999 г. Антоній паходзіў з берлінскай галіны рода, пачынальнікам якой лічыцца Антоній Генрых Радзівіл, ХІІ нясвіжскі ардынат. Яго прадзед Фердынанд Фрыдэрык быў паслом нямецкага Рэйхстага, а дзед – афіцэрам прускага войска. Сам Антоній працаваў у нафтагазавай кампаніі “Shell”. Урну з прахам нябожчыка суправаджалі ўдава Ружа Марыя, двое сыноў і нявестка. Разам з імі прыехаў прафесар Анджэй Цеханавецкі – чалавек, які шмат зрабіў для ўмацавання польска-беларускіх культурных сувязей. На жалобнай імшы, акрамя блізкіх прысутнічалі пасол Польшчы ў Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства культуры, мясцовай улады і грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама шматлікія вернікі з Нясвіжа і ваколіц. Пасля імшы адбыўся канцэрт-рэквіем, дзе сярод іншых музычных твораў гучалі і кампазіцыі створаныя некалькі стагоддзяў назад продкамі Антонія Радзівіла.