Каляндар падзей

9 чэрвеня 1803 г. у Нясвіжы нарадзіўся падарожнік, паэт, этнограф, пісьменнік-мемуарыст Адольф Янушкевіч. Яго бацькі – Міхал і Тэкля з Сакалоўскіх – належалі да служылай радзівілаўскай шляхты. Першапачатковую адукацыю Адольф атрымаў у Нясвіжскай дамініканскай школе, потым скончыў філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе пачаў пісаць вершы. Належаў да таемных студэнцкіх таварыстваў, быў знаёмы з Адамам Міцкевічам. У 1830 г. А. Янушкевіч далучыўся да нацыянальна-вызваленчага паўстання. Падчас адной з бітваў цяжка паранены трапіў у палон. Быў прысуджаны да смяротнага пакарання, якое замянілі высылкай у Сібір. Адбываў тэрмін у Табольску, пасля – у Паўночным Казахстане. Добра засвоіў казахскую мову, што дазволіла яму падчас падарожжаў запісываць мясцовы фальклор. Яго дзённікі і падарожныя нататкі сталі адной з найбольш поўных і дакладных крыніц па гісторыі казахаў сяр. ХІХ ст. У сваім доме стварыў музей прысвечаны гэтаму народу і яго культуры. За год да смерці (памёр у 1857 г.) А. Янушкевіч нарэшце змог вярнуцца ў бацькоўскі маёнтак Дзягільна, недалёка ад Койданава, дзе і пахаваны. Яго імя носяць вуліцы ў Астане і Алма-Аце.