Каляндар падзей:

1 ліпеня 1758 г. адбылося пасяджэнне нясвіжскага ардынацыйнага суда пад старшынствам князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Суд разбіраў справу аб прычынах пажара, які 14 мая таго ж года знішчыў значную частку горада. Вынікам пасяджэння стаў прыгавор (дэкрэт) аб мерах супрацьпажарнай бяспекі. Згодна з ім забаранялася мець у дамах печы, якія тапіліся “па-чорнаму” і хадзіць па вуліцах з адкрытым агнём. Прадпісвалася арганізаваць адмысловую начную варту, рэгулярна правяраць наяўнасць супрацьпажарнага інвентара – драбінаў, вёдраў, кадзяў з вадой – у гаспадарках. Магістрат і кагал абавязваліся выкапаць дзве студні і мець дзве “пажарныя машыны-вазы” з вадзянымі помпамі, а таксама – разам з цэхамі – набыць неабходны інвентар: вёдры, крукі, сякеры, помпы, які належала захоўваць у ратушы, сінагозе і ў цэхмістраў.  За парушэнне правіл прадугледжваліся розныя віды пакаранняў: ад штрафа і 12-тыднёвага зняволення  да смяротнай кары, калі б нядбайнасць прывяла да пажара. Тым не менш пагроза агню неўзабаве зноў сталася актуальнай. У жніўні 1779 г. магістрат прыняў адмысловы Універсал аб мерах проціпажарнай бяспекі.

1 ліпеня 1758 г. гродскім пісарам Нясвіжскай ардынацыі Міхалам Цвіркам складзены рэестр прывілеяў, універсалаў, канстытуцый нададзеных Нясвіжу з 1586 г. Частае выкарыстанне арыгіналаў, якія знаходзіліся ў ратушы, прыводзіла да іх пашкоджання і магло абярнуцца стратай каштоўных дакументаў. Таму, у адпаведнасці з загадам уладара горада Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, іх належала перапісаць у асобную кнігу праў, свабод і прывілеяў (складанне падобных кніг шырока практыкавалася ў гарадах Вялікага Княства Літоўскага ў XVIIIст.). Самі арыгіналы павінны былі перахоўвацца ў спецыяльнай скрыні.  Карыстацца імі дазвалялася толькі ў выключных выпадках. Для штодзённага ўжывання прызначалася кніга прывілеяў. Яна захоўвалася ў бурмістра Якуба Нячая, да якога належала звяртацца пры неабходнасці скарыстаць той ці іншы дакумент. Бурмістр у трохдзённы тэрмін павінен быў выдаць выпіс-копію патрэбнага акта, адпаведнасць якога арыгіналу завяраў прэзідэнт гарадскога магістрата.