Каляднар падзей:

10 ліпеня 1553 г. Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі Фердынанда І тытул графа “на Шыдлоўцы”. За шэсць гадоў да таго, папярэднік Фердынанда Карл Vнадаў яму тытул князя “на Алыцы і Нясвіжы”. Шыдловец у Сандамірскім ваяводстве Польскага каралеўства стаў уласнасцю Радзівіла ў 1548 г. пасля ягонага шлюбу з Эльжбетай Шыдлавецкай. Само наданне тытула было сваеасаблівым падвядзеннем вынікаў дыпламатычнай місіі літоўскага магната ў Еўропе. М. Радзівіл Чорны правёў складаныя перамовы з Габсбургамі і дабіўся таго, што яны адмовіліся дапамагаць Івану IV Жахліваму ў атрыманні каралеўскай кароны. Акрамя таго, ён уладкаваў шлюб аўдавелага Жыгімонта Аўгуста з дачкой імператара Кацярынай і нават прадстаўляў караля на афіцыйнай цырымоніі, а пазней прысутнічаў на ўрачыстым уездзе Кацярыны ў Кракаў і яе каранацыі. Да канца жыцця Радзівіл захоўваў добрыя стасункі з Габсбургамі, а тытулам графа “на Шыдлоўцы” карысталіся ягоныя нашчадкі. Сыны Мікалая Радзівіла падпісваліся як “князь на Алыцы і Нясвіжы, граф на Шыдлоўцы, Міры, Крожах і Белай”.

10 ліпеня 1915 г. у маёнтку Клейніц (Кленіцы)  ў Сілезіі (Германская імперыя) памерла Марыя Дарота дэ Кастэлян Радзівіл (нар. у Парыжы ў 1840 г.). З яе дзейнасцю звязана аднаўленне Нясвіжскага палаца пасля доўгіх дзесяцігоддзяў занядбання. Стаўшы жонкай Антонія Вільгельма Радзівіла гэта францужанка праявіла большую павагу да фамільнай рэзідэнцыі, чым цэлая берлінская галіна роду. У апошнія дзесяць гадоў жыцця, застаўшыся ўдавой, Марыя Дарота амаль адыйшла ад “нясвіжскіх клопатаў”. Яна падрыхтавала да друку ўласныя мемуары, успаміны сваёй бабулі “Хронікі герцагіні дэ Дзіно” і бабулі мужа Луізы Радзівіл, вяла актыўнае ліставанне, сачыла за палітычнымі падзеямі ў Еўропе. Пачатак Першай сусветнай вайны ў 1914 г. супаў з рэзкім пагаршэннем здароўя княгіні. Як руская падданая яна знаходзілася пад пільным наглядам нямецкай паліцыі. На пахаванне з усёй шматлікай радні змагла прыехаць толькі дачка Эльжбета, якая мела аўстрыйскае падданства. Другая дачка, сын і ўнукі былі падданымі Расійскай імперыі, сваякі па бацькоўскай лініі – падданымі Францыі. Толькі ў 1924 г. цела Марыі Дароты было перапахавана ў нясвіжскім фарным касцёле побач з мужам і сынамі – Ежы і Станіславам.