Каляднар падзей:

12 ліпеня 1598 г. у Алыцы нарадзілася Крысціна Яўфімія Радзівіл, малодшая дачка І алыцкага ардыната Станіслава Радзівіла і Марыі Мышкі. Бацька Крысціны быў надзвычай набажным чалавекам, аўтарам папулярнага твора “Духоўная зброя прававернага хрысціянскага рыцара”. Шмат часу ён праводзіў у малітвах, адасобіўшыся ад людзей. Няма нічога дзіўнага, што Крысціна яшчэ ў 16 год уступіла паслушніцай у нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. У 1632 г. яна прыняла кіраванне гэтым кляштарам, стала яго трэцяй абатысай. Крысціна Яўфімія шмат зрабіла для ўмацавання эканамічнага стану бенедыкцінак. Менавіта яна адсудзіла на карысць кляштара ў Завішаў вёскі Лучыца і Слабада. За свой розум і дзейную натуру карысталася павагай, як сясцёр-манашак, так і простых нясвіжан. Калі ў сяр. XVII ст. распачаліся казацкія войны, а потым – вялікая вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй, Крысціна, ратуючыся ад навалы, разам з бенедыкцінкамі пакінула Нясвіж. Яны спыніліся ў Гданьску, у камяніцы нанятай на сродкі канцлера ВКЛ Альбрыхта Радзівіла – роднага брата абатысы. Тут Крысціна Радзівіл і памерла ў 1657 г. 17 студзеня 1658 г. яна была пахавана ў нясвіжскім касцёле Святой Яўфіміі. Яе партрэт пэндзля нямецкага мастака Іагана Шрэтэра доўгі час захоўваўся ў галерэі нясвіжскага палаца.