Каляндар падзей:

14 ліпеня 1658 г. 23-гадовы Міхал Казімір Радзівіл ажаніўся на 24-гадовай Кацярыне Сабескай, дачцэ кракаўскага кашталяна Якуба Сабескага. Для Радзівіла гэта быў першы шлюб, для Кацярыны другі. У 16 гадоў яе выдалі замуж за князя Уладзіслава Заслаўскага-Астрожскага, які быў старэйшы за жонку амаль на 20 гадоў і памёр у 1656 г. М. К. Радзівіл пачаў дамагацца рукі Кацярыны ў красавіку 1658 г. У чэрвені быў падпісаны шлюбны кантракт, а неўзабаве адбылося вяселле, якое гулялі ў Львове. Месцам жыхарства маладой сям’і на першы час стаў замак у Белай і Старое Сяло каля Львова. Кацярына прынесла мужу ў якасці пасагу 150 тысяч злотых. Акрамя таго яна стала надзейнай дарадцай для Міхала Казіміра, часта суправаджала яго падчас соймаў, трыбуналаў, соймікаў, штораз выяўляючы большую зацікаўленасць у публічным жыцці. Але па-сапраўднаму значэнне гэтага шлюбу вырасла праз 16 гадоў, калі родны брат Кацярыны Ян Сабескі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Такім чынам Радзівілы другі раз парадніліся з правячай дынастыяй Рэчы Паспалітай. Міхал і Кацярына мелі шасцёра сыноў і дачку, але толькі двое хлопчыкаў Ежы Юзаф і Караль Станіслаў дасягнулі паўналецця.