Каляндар падзей:

15 ліпеня 1920 г. Нясвіж вызвалены ад палякаў. Адразу ж быў утвораны ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК), на чале якога стаў М. Цывін. У склад рэўкама ўваходзілі аддзелы: зямельны, народнай асветы, працы, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, харчовы. Але з увагі на ваенны час на першае месца выходзілі патрэбы фронта і забеспячэння войска. Адразу ж пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных. На адным з пасяджэнняў ВРК было прынята рашэнне “всю работу организовать по-военному”, “все требования, связанные с фронтом, исполнять безоговорочно”. 18 ліпеня 1920 г. ваенна-рэвалюцыйны камітэт выдаў загад аб захаванні маёмасці на падведамственнай тэрыторыі. Пад гэта вызначэнне трапляла і маёмасць радзівілаўскага палаца. У верасні таго ж года прадстаўнікамі савецкай улады быў складзены вопіс рэчаў Нясвіжскага замка, які ўключаў каля 1 500 найменняў.

15 ліпеня 2005 г. на ХХІХ сесіі Міжурадавага камітэта па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, які праходзіў у паўднёваафрыканскім Дурбане, прынята рашэнне аб уключэнні архітэктурнага, жылога і культурнага комплекса Радзівілаў у Нясвіжы ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Комплекс складаецца з палацава-паркавага ансамбля, парафіяльнага касцёла Божага Цела і пабудоў былога кляштара езуітаў. Адной з падстаў для ўключэння ў спіс паслужыла тое, што комплекс “з’яўляецца выдатным прыкладам архітэктурнага ансамбля, які ілюструе значны перыяд гісторыі”. Радзівілаўскі Нясвіж стаў чацвёртым, і апошнім, беларускім аб’ектам (пасля Белавежскай пушчы, Мірскага замка і геадэзічнай дугі Струвэ) занесеным у Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Галоўная мэта Спісу – зрабіць вядомымі і абараніць аб’екты, якія з’яўляюцца ўнікальнымі ў сваім родзе. Статус аб’екта Сусветнай спадчыны дае некаторыя перавагі: дадатковыя гарантыі захавання і цэласнасці ўнікальных комплексаў, падвышае прэстыж помнікаў і спрыяе іх папулярызацыі. Дзяржавы, на тэрыторыі якіх знаходзяцца такія аб’екты, бяруць на сябе абавязацельствы па іх захаванні.

15 ліпеня 2005 г. Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь уведзена ў абарачэнне банкнота наміналам 100 000 рублёў (на той час самы буйны намінал) з выявай Нясвіжскага палаца. На знешнім баку купюры паказаны галоўны фасад палаца і частка ўнутранага дворыка, як яны выглядалі ў канцы ХХ ст. (на момант увядзення купюры ў абарачэнне ў замку ішлі рэстаўрацыйныя работы). На адваротным баку – выгляд палаца з другога боку. Фрагмент малюнка Напалеона Орды на якім паказаны замак з боку ракі Ушы. Акрамя таго ў афармленні банкноты выкарыстаны характэрныя геральдычныя элементы – частка герба Радзівілаў і герб Нясвіжа. З тэхнічных навацый, якія выкарыстаны ў гэтай банкноце, варта назваць шырокую засцерагальную ніць, якая пачаргова выходзіць на абодва бакі, з абрэвіятурай “НБРБ” і мікраперфарацыю з такой жа абрэвіятурай.