Каляндар падзей:

19 ліпеня 1836 г. у Нясвіжы адбыўся вялікі пажар, які нанёс гораду непапраўныя страты. Агнём была знішчана адзіная ў горадзе праваслаўная царква, каля 100 дамоў, 44 мураваныя крамы і вартоўня каля ратушнага будынку. Цалкам згарэлі чатыры верхнія ярусы ратушнай вежы і яе другі паверх, з-за чаго яна страціла свой адметны выгляд. На працягу чатырох гадоў пасля гэтага будынак стаяў пусты і ніяк не выкарыстоўваўся. Органы гарадскога самакіравання часова размяшчаліся ў найманых пакоях дамініканскага кляштара. З ратушы знялі ацалелую дахоўку і дрэва, а таксама – званы. Першы паверх ад агня не пацярпеў і яго памяшканні (крамы і склады) здавалі ў арэнду нясвіжанам. Аб гэтым між іншым пісаў Ул. Сыракомля: “З найбольш цікавых муроў Нясвіжа трэба назваць гарадскую ратушу, высокая вежа якой колькі дзесяткаў гадоў узвышалася над іншымі вежамі горада, але, пашкоджаная пажарам у 1836 годзе, была няўдала прыкрыта нечым падобным на каптурык дашкам і замест колішняй велічнасці мае цяпер смешны выгляд”. У такім “смешным” выглядзе з “абсечанай” вежай ратуша прастаяла да пачатку ХХІ ст.