Каляндар падзей:

2 ліпеня 1993 г. прынята Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 431 “Аб мерах па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны і развіцці Нясвіжа (аб стварэнні на базе гісторыка-культурных помнікаў Нясвіжа Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка)”. У тым жа годзе музей-запаведнік “Нясвіж” стаў самастойнай структурай Міністэрства культуры (раней меркавалася, што палац будзе філіялам Нацыянальнага мастацкага музея). Першым дырэктарам быў прызначаны Валерый Сталярчук (займаў пасаду да 2010 г.). У склад навуковай рады музея-запаведніка ўвайшло 14 чалавек. Сярод іх філолаг Адам Мальдзіс, пісьменніца Вольга Іпатава, гісторык Павел Лойка, краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна, грамадска-культурны дзеяч Анджэй Цеханавецкі і інш. Канцэпцыю Нясвіжскага музея-запаведніка распрацоўвалі У. Гілеп, Н. Высоцкая, І. Голубева, С. Друшчыц, І. Загрышаў, Ю. Карачун, С. Маслоўскі. У 2003 – 2004 гг. быў распрацаваны і зацверджаны план рэстаўрацыі палаца, а ў 2008 г. адкрылася першая чарга экспазіцыі. Навуковымі кіраўнікамі распрацоўкі і ажыццяўлення праекта былі архітэктары С. Багласаў (1993 – 1997), У. Бачкоў (1997 – 2002), С. Друшчыц (2002 – 2014).

2 ліпеня 1586 г. пачалося будаўніцтва нясвіжскага езуіцкага калегіума. Навучальная ўстанова была заснавана прывілеем Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі ў 1584 г. Тады ж у Рыме быў распрацаваны і дасланы ў Нясвіж праект будынка. Да 1588 г. корпус калегіума быў пабудаваны, у 1593 – 1599 гг. – павялічаны. З першага года тут дзейнічаў клас граматыкі, потым – класы паэтыкі, рыторыкі. Калегіум быў разлічаны на 200 вучняў. Але калі ў першыя гады іх было толькі 90, то да пач. XVII ст. стала каля 300, а даходы гэтай навучальнай установы складалі 1 600 злотых. Па колькасці навучэнцаў нясвіжскі калегіум у Вялікім Княстве Літоўскім саступаў толькі віленскаму. У розныя часы пры ім дзейнічала музычная  школа, інтэрнат (канвікт) для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня. У 1627 г. тут была адкрыта першая ў горадзе аптэка. Напрыканцы XVIII ст. бібліятэка ўстановы налічвала каля 15 тысяч тамоў. У 1773 г. у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум быў ператвораны ў свецкую школу. У 1825 – 1826 гг. яго будынкі з-за старасці былі знесены, а на іх месцы ўзведзены казармы расійскай арміі, якія часткова захаваліся да нашых дзён.

2 ліпеня 1944 г. пачаліся баі за вызваленне Нясвіжа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 4 гадзіны раніцы ў горад увайшлі аддзелы 128-га танкавага палка, за імі – вершнікі 10-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. Немцы адступілі не аказваючы значнага супраціўлення. Вечарам таго ж дня аб вызваленні Нясвіжа было абвешчана ў загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага, адзелам, якія прымалі ўдзел у аперацыі была абвешчана яго падзяка. У гонар вызвалення Вілейкі, Краснага, Стоўбцаў, Гарадзеі і Нясвіжа ў Маскве быў дадзены артылерыйскі салют. Аднак на раніцу 3 ліпеня немцы перайшлі ў контрнаступ і зноў занялі горад, адкуль рушылі на Стоўбцы (гэты чыгуначны вузел быў патрэбен для эвакуацыі войск з Мінска). 4 ліпеня савецкія кавалерысты пры падтрымцы танкаў і артылерыі адбілі Нясвіж, але не здолелі яго ўтрымаць і былі вымушаны адступіць пад націскам праціўніка. Толькі вечарам 4 ліпеня аддзелы 193-й стралковай дывізіі ва ўзаемадзеянні з партызанамі 27-й брыгады імя Чапаева і асобнага атрада імя Жданава канчаткова вызвалілі горад.