Каляндар падзей:

20 ліпеня 1636 г. у Чарнаўчыцах, каля Берасця, памёр Альбрыхт Уладзіслаў Радзівіл (нар. у 1589 г.), ІІІ нясвіжскі ардынат з 1626 г. На працягу жыцця Альбрыхт удзельнічаў у вайсковых выправах на Інфлянты і Масковію, займаў шэраг дзяржаўных пасад (быў трокскім кашталянам і ваяводам). Сваім тастаментам князь адпісаў 10 тысяч злотых нясвіжскім езуітам і такую ж суму вызначыў на касцёл нясвіжскіх бенедыкцінак. Двое дачок атрымалі па 50 тысяч злотых, жонка – Ганна Зяновіч – 120 тысяч злотых і шэраг маёнткаў, у тым ліку Чарнаўчыцы, у пажыццёвае валоданне. Пахаванне ардыната адбылося 20 кастрычніка таго ж года. Яго цела знайшло спачын у крыпце нясвіжскага езуіцкага касцёла, побач з бацькамі і старэйшымі братамі. Князь быў  двойчы жанаты, меў трох дачок і сына, які памёр у маленстве. З дзяўчынак адна памерла дзіцём, а дзве сталі манашкамі. Паколькі Альбрыхт Уладзіслаў не пакінуў нашчадкаў па мужчынскай лініі, ардынацыя перайшла да яго малодшага брата, сына Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі Жыгімонта Караля.

20 ліпеня 2012 г. пасля завяршэння рэстаўрацыі для наведвальнікаў адкрыўся т.зв. ІІ пускавы блок Нясвіжскага палаца XVI– XVIII стст. Да гэтага для турыстаў была даступна толькі невялікая частка экспазіцыі, прысвечаная гісторыі замка, ягонай бібліятэцы і архіва. Цырымонію ўрачыстага адкрыцця ўзначаліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Пасля агляду экспазіцыйных залаў Прэзідэнт пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей, павіншаваў прысутных з пачаткам работы буйнейшага музейнага і турыстычнага комплекса краіны, пажадаў, каб у наведвальнікаў Нясвіжа, пасля знаёмства з палацам, узнікала пачуццё гонару за сваю краіну і павагі да яе гісторыі. Кіраўнік дзяржавы ўручыў дырэктару музея-запаведніка каштоўны падарунак – пояс слуцкага тыпу XVIII ст. У ліку высокіх гасцей былі і прадстаўнікі рода Радзівілаў Мацей і Мікалай. Мацей Радзівіл пакінуў запіс у кнізе ганаровых наведвальнікаў і выказаў надзею, што рэзідэнцыя ягонага рода зойме належнае месца сярод гістарычных аб’ектаў беларускай дзяржавы. Спецыяльна для наведвальнікаў палаца замест звычайнага касавага білета быў створаны адмысловы ўваходны квіток (“флаер”). Дызайн квітка распрацавала дызайнер-практыкант Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта Кацярына Гаціла.