Каляндар падзей:

21 ліпеня 1942 г. ліквідавана нясвіжскае гета. Яўрэйская грамада горада згадваецца яшчэ ў прывілеях Мікалая Радзівіла Сіроткі. Купцы і рамеснікі іудзейскага веравызнання адыгрывалі важную ролю ў эканамічным жыцці Нясвіжа. У 1930-я гг. яны складалі каля 40 % насельніцтва.  Вынішчэнне яўрэяў у Нясвіжы і ваколіцах пачалося з першых месяцаў акупацыі. У кастрычніку 1941 г. недалёка ад палаца, у Старым парку, было растраляна каля 1 500 чалавек. 17 ліпеня 1942 г. цалкам былі вынішчаны яўрэі ў Гарадзеі. На наступны дзень пайшлі чуткі аб намерах гітлераўцаў знішчыць насельнікаў нясвіжскага гета. Найбольш актыўныя маладзёны заклікалі сваіх супляменнікаў да змагання, рыхтавалі зброю (якую перад гэтым патаемна пранеслі ў гета), вызначалі адказныя ўчасткі абароны. На світанку 21 ліпеня, калі паблізу квартала з’явіліся немцы, іх сустрэлі стрэламі. Сілы былі няроўныя і выступленне хутка задушылі. Гета загарэлася з розных канцоў. Людзі гінулі ад кулі ці ад полымя. Паводле некаторых сведчанняў уратавацца пашанцавала толькі 25 яўрэям, каля 800 чалавек загінулі. Трупы часткова закопвалі на месцы, часткова вывозілі ў Альбянскі лес. Яўрэйская грамада, без якой доўгі час немагчыма было ўявіць Нясвіж, перастала існаваць.