Каляндар падзей:

22 ліпеня 1598 г. былі ўрачыста асвечаны падмуркі касцёла Святой Кацярыны пры бернардынскім кляштары ў Нясвіжы. Цалкам касцёл быў узведзены ў 1601 г., а праз два гады асвечаны. Жаданне збудаваць бернардынскі кляштар і касцёл выказвала яшчэ Эльжбета Яўфімія з дому Вішнявецкіх, але яна памерла, не здзейсніўшы намеру. Планы жонкі ўвасабляў у жыццё муж – Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка. Касцел і кляштар – помнікі архітэктуры ранняга барока, знаходзіліся ў паўночнай частцы горада, побач з Мінскай брамай і добра ўпісваліся ў сістэму нясвіжскіх умацаванняў. Касцёл са шмат’яруснай чацвярыковай вежай, завершанай высокім шатром, добра бачны на гравюры Т. Макоўскага. У XVIIст. да яго былі прыбудаваны капліцы св. Францыска і св. Ганны. Пасля пажара 1793 г. касцёл быў перабудаваны ў стылі класіцызма. У 1864 г. бернардынскі кляштар ліквідаваны расійскімі ўладамі, а неўзабаве пачаліся работы па пераабсталяванні касцёла ў праваслаўную Георгіеўскую царкву. Пры гэтым былі замураваны ўваходы ў пахаванні айцоў-бернардынаў у касцёльных сутарэннях.  Царкву разабралі пасля  Другой сусветнай вайны.  З касцёльнага начыння захавалася статуя святой Кацярыны Александрыйскай, якая цяпер знаходзіцца ў касцёле Божага Цела.