Каляндар падзей:

23 ліпеня 1874 г. заключана сямейнае пагадненне паміж Антоніем Вільгельмам Радзівілам – ХIV нясвіжскім ардынатам, прадстаўніком берлінскай лініі роду і яго дзядзькам Лявонам Геранімам Радзівілам – ХІ клецкім ардынатам. Згодна яго Лявон Радзівіл, ня маючы нашчадкаў, саступіў пляменніку права на валоданне Клецкай і Давыд-Гарадоцкай ардынацыямі ўзамен на штогадовую пажыццёвую пенсію. 23 студзеня наступнага года імператар Аляксандр ІІ сваім указам дазволіў перадачу ардынацый Антонію Вільгельму. З таго моманту апошні стаў ХІІ клецкім ардынатам, а яго багацце істотна вырасла. Толькі ў Давыд-Гарадку князю належала 4 576 дзесяцін (4 988 га) зямлі, у Радзівілімонтах пад Клецкам – 1 179 дзесяцін. Плошча Варонінскай, Морацкай, Лактышоўскай і Колкаўскай лясных дач Клецкай ардынацыі складала 21 981 дзесяціну. Усяго ж Антонію Вільгельму Радзівілу, толькі ў межах Мінскай губерніі, па стану на 1876 г. належала звыш 164 тысяч га зямельных і лясных угоддзяў. Лявон Радзівіл неўзабаве з’ехаў у Парыж, дзе правёў рэшту жыцця аддаючы даніну захаплення тэатру і актрысам. Памёр у 1885 г. Пахаваны ў нясвіжскім касцёле Божага Цела.