Каляндар падзей:

26 ліпеня 1876 г. Напалеон Орда падчас чарговага падарожжа па Беларусі намаляваў нясвіжскі замак князёў Радзівілаў. На малюнку, з якога пазней была зроблена літаграфія, адлюстраваны выгляд палаца з супрацьлеглага берага ракі Уша. З левага боку ад яго можна бачыць будынак былога бернардзінскага кляштара з касцёлам Святой Кацярыны і касцёл Божага Цела. Мастак пакінуў надпіс “Нясвіж 26 ліпеня. Пачатак ракі Уша; князь Антоній Радзівіл, Марыя Кастэлян – Эльжбета, Алена, сын Ежы. Губ. Мінская. Замак Радзівілаў”. Замалёўка была створана ў вызначальны для замка час – пераходны перыяд ад занядбання да аднаўлення. Неўзабаве тут распачаліся маштабныя рамонтныя работы, вакол палаца былі закладзены паркі і яго аблічча некалькі змянілася. Хаця Н. Орда стварыў некалькі работ на якіх паказаны знешні выгляд і ўнутраны двор замка, менавіта гэта работа стала адной з найбольш папулярных. У 2005 г. яе фрагмент быў змешчаны на адваротным баку банкноты вартасцю ў 100 000 беларускіх рублёў.