Каляндар падзей:

27 ліпеня 1764 г. Генеральная канфедэрацыя, якая аб’ядноўвала прыхільнікаў прэтэндэнта на трон Станіслава Панятоўскага і праціўнікаў Караля Станіслава Радзівіла, утварыла адмысловы суд, які павінен быў разгледзець усе свавольствы мяцежнага князя. Адбылося гэта пасля таго як ён пацярпеў паразу ў збройным змаганні, а яго гарады былі заняты расійскімі войскамі. Рашэннем суда Радзівіл быў абвешчаны “ворагам Айчыны”, а абвінавачванне складалася з 16 пунктаў. Сярод іх –  гвалт над Галоўным трыбуналам, злоўжыванне ўладай, утрыманне празмернага прыватнага войска і інш. Рашэнннем суда ад 16 жніўня князя пазбавілі ўсіх пасад, а маёмасць секвестравалі. Месцам пражывання Караля Станіслава быў вызначаны Слуцк, а на асабістыя патрэбы дазвалялася выдаткоўваць не больш за 40 000 злотых штогод. На той час Радзівіла не было ў ВКЛ. Спачатку ён перахоўваўся ў сваіх уладаннях на Валыні, пасля папрасіў прытулку за мяжой. Праз тры гады, калі палітычная сітуацыя ў краіне змянілася князь урачыста вярнуўся на радзіму. Цяпер паслы сойма называлі яго чалавекам “вартым самай шчырай і вечнай хвалы і ад усёй Рэчы Паспалітай заслужанай удзячнасці”. Генеральная канфедэрацыя адмяніла свае ранейшыя дэкрэты, вярнула Пане Каханку канфіскаваныя маёнткі, а ў сакавіку 1768 г. – пасаду віленскага ваяводы.