Каляндар падзей:

28 ліпеня 1598 г. недалёка ад нясвіжскага замка, па дарозе на Капыль, была асвечана езуіцкая капліца ў гонар святога Рафаіла, апекуна ўсіх хворых. Абяцанне збудаваць яе М. К. Радзівіл Сіротка даў яшчэ перад сваім паломніцтвам у Святую Зямлю, пры ўмове, што пілігрымка скончыцца добра. Аднак з-за паўсядзённых клопатаў выканаць абяцанне князь смог не адразу. У 1593 г. усяго за дзесяць дзён капліца была ўзведзена. У будаўніцтве прымала ўдзел уся княжацкая сям’я і служылая шляхта. Неўзабаве мясцовыя жыхары перайменавілі капліцу ў гонар святога архангела Міхаіла. З цягам часу, дзякуючы ахвяраванням Радзівілаў, Хадкевіча і інш., яна разбудавалася ў касцёл, пры якім дзейнічаў кляштар і езуіцкі калегіум. У 1660 г. Міхал Казімір Радзівіл перадаў на ўтрыманне касцёла даход з Міхайлаўскага кірмашу, які ладзіўся ў Нясвіжы. Гэта месца часта наведваў М. К. Радзівіл Рыбанька. Пасля забароны ордэна езуітаў комплекс паступова заняпаў. У 1-й пал. ХІХ ст. муры калегіума разабралі на будаўнічы матэрыял. Касцёл, з абваленай вежай, выкарыстоўваўся як парахавы склад. Да нашых дзён засталіся толькі фрагменты падмуркаў і назва мясціны дзе знаходзіўся касцёл – Міхальская горка.