Каляндар падзей:

29 ліпеня 1920 г. рашэннем Мінскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта утвораны Нясвіжскі павет. У яго склад увайшлі 12 воласцяў: Гавезнянская, Гарадзейская, Грыцэвіцкая, Клецкая, Ланьская, Магільнянская, Пацейкаўская, Свержаньская, Сіняўская, Сноўская, Цімкавіцкая, Цялядавіцкая. У іх утвараліся валасныя рэўкамы, у вёсках – сельскія саветы. Галоўнымі задачамі павятовага ВРК і падпарадкаваных яму структур былі выкананне патрабаванняў ваенных улад, ахова маёмасці былых панскіх маёнткаў і збор харчавання на патрэбы арміі. На пасяджэннях органаў улады прымаліся пастановы аб барацьбе са спекуляцыяй, аб адбудове вёсак, “аб падняцці культуры ў сялянскіх гаспадарках”, забеспячэнні сем’яў чырвонаармейцаў і г.д. Вялікая ўвага надавалася школьніцтву. У верасні 1920 г. ў павеце (без уліку Нясвіжа) дзейнічала 245 школ. Дарэчы, аддзелы Чырвонай Арміі, якія рухаліся праз Нясвіжчыну, паводзілі сябе не лепшым чынам. Захаваліся дакументы ў якіх сяляне скардзіліся на самавольны захоп чырвонаармейцамі падвод і іх грубае абыходжанне з вяскоўцамі. Новаўтвораны павет праіснаваў нядоўга. У кастрычніку 1920 г. большая яго частка была зноў занята польскімі войскамі. А паводле ўмоваў Рыжскага мірнага пагаднення ад 18 сакавіка 1921 г. Нясвіж апынуўся ў складзе польскай дзяржавы.