Каляндар падзей:

3 ліпеня 1626 г. адбыўся другі падзел спадчынных уладанняў паміж сынамі М. К. Радзівіла Сіроткі Альбрыхтам Уладзіславам, Жыгімонтам Каралем і Аляксандрам Людвікам. Першы адбыўся ў 1616 г. пасля смерці бацькі. Тады Нясвіжскую ардынацыю пераняў старэйшы сын Ян Юрый, але ў снежні 1625 г. ён памёр не пакінуўшы нашчадкаў, што выклікала неабходнасць новага перадзелу. Паводле сямейнага пагаднення Нясвіжскае княства перайшло Альбрыхту Уладзіславу (1589 – 1636), які стаў ІІІ нясвіжскім ардынатам. Адначасова Альбрыхт атрымаў мірскія ўладанні і камяніцу Гаштольдаў у сталічнай Вільні. З часоў першага падзелу за ім захоўваліся Шыдловец у Сандамірскім ваяводстве (Малая Польшча) і маёнтак Чарнаўчыцы недалёка ад Берасця. А вось ад Лахвы і Карэлічаў, якімі князь валодаў з 1616 г. ён быў вымушаны адмовіцца на карысць малодшых братоў. Акрамя таго ён абавязваўся сплаціць усе даўгі памерлага Яна Юрыя. Такім чынам А. У. Радзівіл стаў адным з багацейшых магнатаў у ВКЛ. Тым не менш яго фінансавае становішча пакідала жадаць лепшага. Будучы не ў стане сплачваць вялікія пазыкі бацькі і брата князь нават быў вымушаны аддаць у заклад Шыдловец і некаторыя купленыя раней маёнткі.