Каляндар падзей:

30 ліпеня 1853 г. у сяле Туліголава (суч. Львоўская вобласць, Украіна) нарадзіўся Юліан Фалат, польскі мастак аўтар пейзажаў, партрэтаў, жанравых і гістарычных карцін. Мастацкую адукацыю атрымаў у Кракаве і Мюнхене. Працаваў на Украіне, у Польшчы, Германіі, падарожнічаў па Еўропе і Блізкім Усходзе . У лютым 1886 г. яму пашанцавала суправаджаць нямецкага прынца Вільгельма Гогенцолерна (будучага імператара Вільгельма ІІ), які прыняў удзел у паляванні арганізаваным Антоніем Радзівілам. Фалат стварыў серыю акварэляў прысвечаных гэтай падзеі. Яны былі выдадзены асобным альбомам з доўгай назвай “Успаміны аб паляванні на мядзведзя, праведзенага ў Нясвіжы ў гонар Яго Каралеўскай Высокасці Прынца Вільгельма Прускага ў Яго Высокасці Князя Антонія Радзівіла”. Гэтыя работы прынеслі Фалату вядомасць, і неўзабаве ён стаў прыдворным мастаком імператара, сябрам Берлінскай акадэміі мастацтваў. Нейкі час мастак працаваў у Нясвіжы. У завяшчанні Антонія Альбрыхта Радзівіла, складзеным у 1935 г., гаварылася аб неабходнасці “захавання ўсіх карцін Фалата з нясвіжскіх паляванняў, таму што гэтыя прадметы складаюць неад’емную прыналежнасць да Нясвіжскай ардынацыі”. Пасля Другой сусветнай вайны калекцыя акварэляў Фалата трапіла з Нясвіжа ў Польшчу. Сам мастак памёр у Сілезіі ў 1929 г.