Каляндар падзей:

31 ліпеня 1833 г. у Цепліцах (Чэхія) нарадзіўся Антоній Вільгельм Радзівіл, сын Фрыдрыха Вільгельма і Мацільды Клары Альдрынген, XIV нясвіжскі ардынат з 1870 г. Антоній Вільгельм, як і яго бацька, зрабіў кар’еру ў нямецкай арміі. Пачаў службу ў артылерыйскім палку ў званні падпаручыка, скончыў у званні генерал-лейтэнанта, камандзіра брыгады. Удзельнічаў у войнах з Аўстрыяй (1866 г.) і Францыяй (1870 – 1871 гг.). Быў ад’ютантам трох нямецкіх імператараў Вільгельма І, Фрыдрыха ІІІ і Вільгельма ІІ з якімі падтрымліваў сяброўскія адносіны. Выконваў шэраг дыпламатычных даручэнняў, быў адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі Германіі, Францыі, Расіі. Князь валодаў значнымі зямельнымі ўгоддзямі ў Польшчы і Беларусі да якіх у 1875 г. далучыў Клецкую і Давыд-Гарадоцкую ардынацыі. У 1865 г. упершыню наведаў Нясвіж. Разам з жонкай Марыяй Даротай дэ Кастэлян, шмат зрабіў для аднаўлення фамільнай рэзідэнцыі і вяртання ёй статусу культурнага цэнтра. У яго часы быў праведзены рамонт касцёла Божага Цела, пачаліся работы па аднаўленні паркавага комплекса ў Альбе. Памёр Антоній Вільгельм у 1904 г. Уладанні былі падзелены паміж сынамі. Ежы Фрыдэрык атрымаў Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі, Станіслаў – Давыд-Гарадоцкую.