Каляндар падзей:

5 ліпеня 1940 г. на бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі разглядалася пытанне аб выкарыстанні палаца Радзівілаў у Нясвіжы. Арганізацыю музея ў замку прызналі немэтазгоднай, маёмасць, што захоўвалася ў былой княжацкай рэзідэнцыі было вырашана падзяліць паміж рознымі ўстановамі БССР. Бібліятэка і архіў перадаваліся Акадэміі навук, карціны, скульптуры, мэбля, калекцыя слуцкіх паясоў – Карціннай галерэі. Калекцыю зброі і рыцарскіх даспехаў належала падзяліць паміж Гістарычным музеем і кінастудыяй “Савецкая Беларусь”. Касцюмы таксама дзялілі паміж кінастудыяй і Вялікім тэатрам оперы і балета. Калекцыю паляўнічых трафееў належала перадаць у музей Белавежскага дзяржаўнага запаведніка ў Беластоку. Асобным пунктам прадпісвалася: “всё остальное имущество реализовать через государственную торговлю”. Сам палац перадаваўся ў распараджэнне НКВД БССР для арганізацыі аўтадарожнага тэхнікума. Для ажыццяўлення гэтай пастановы была ўтворана камісія ў складзе сакратара Нясвіжскага райкама партыі Сіроткі, начальніка Упраўлення па справах мастацтва Азірскага, камісара замка Красніка. Аднак, камісія не склала нават вопісу маёмасці, што прывяло да яе раскрадання.