Каляндар падзей:

6 ліпеня 1564 г. групай пратэстанцкіх міністраў (прапаведнікаў) Вялікага Княства Літоўскага падрыхтаваны ліст да аднаго з ідэолагаў заходнееўрапейскай Рэфармацыі Жана Кальвіна. Рэдактарам гэтага звароту і яго натхняльнікам быў Мікалай Радзівіл Чорны. З пач. 1550-х гг. князь адкрыта засведчыў прыхільнасць да кальвінізма і шмат зрабіў для яго распаўсюджвання ў ВКЛ, засноўваючы кальвінскія зборы замест касцёлаў. Аднак паступова ён пачаў схіляцца да антытрынітарызму – веравучэння, якое адмаўляла дагмат Святой Тройцы. У яго маёнтку Морды на Падляшшы ў 1563 г. нават адбыўся пратэстанцкі сінод, удзельнікі якога выступілі супраць прыхільнікаў гэтага дагмату. Пад канец жыцця князь выганяў са сваіх уладанняў прапаведнікаў, якія не падзялялі антытрынітарскіх поглядаў. Разам з тым ён спадзяваўся, што антытрынітарыі і кальвіністы знойдуць паразуменне паміж сабой. Сведчаннем гэтых спадзяванняў і стаў згаданы ліст у якім выказваўся погляд на паяднанне двух пратэстанцкіх плыняў. Аднак, адказу на свой зварот ні ад Кальвіна, ні ад асноўных пратэстанцкіх асяродкаў Германіі і Швейцарыі Мікалай Радзівіл не дачакаўся.