Каляндар падзей:

7 ліпеня 1584 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка вярнуўся ў Нясвіж здзейсніўшы паломніцтва ў Святую Зямлю, якое заняло амаль два гады (з горада князь выехаў у верасні 1582 г.). За гэты час ён не толькі наведаў мясціны звязаныя з біблейскай гісторыяй у Палесціне і быў пасвечаны ў рыцары ордэна Труны Гасподняй, але і ажыццявіў вандроўку ў Егіпет. Там князь агледзеў піраміды, набыў дзве муміі і некалькі экзатычных жывёл для свайго звярынца. Падчас падарожжа Мікалай Радзівіл вёў падрабязны дзённік. Гэтыя запісы не прызначаліся для друку, але неўзабаве пасля вяртання князь, пад уплывам сваякоў і нясвіжскіх езуітаў, апрацаваў іх і падрыхтаваў рукапіс, які ўбачыў свет у 1601 г. у Брунсбергу пад назвай “Перэгрынацыя, або паломніцтва Ясна Асветленага князя Ягамосці Мікалая Крыштапа Радзівіла ў Святую Зямлю”. Першае выданне выйшла на латыні. У 1607 г. з’явіўся польскамоўны пераклад, а неўзабаве – рукапісны рускамоўны. На беларускую мову “Перэгрынацыя…” была перакладзена толькі ў 1994 г. Вандроўка моцна паўплывала на светапогляд князя. Пад уражаннем убачанага ў Егіпце ён распачаў захады па арганізацыі фамільнай усыпальніцы ў Нясвіжы, а сябе загадаў пахаваць у простым адзенні пілігрыма.