Каляндар падзей

1 жніўня 1772 г. у Імператарскую Акадэмію навук у Санкт-Пецярбургу паступіла нясвіжская бібліятэка Радзівілаў. Кнігазбор быў вывезены генералам А. Бібікавым пасля таго, як К. С. Радзівіл эміграваў за мяжу, а яго маёмасць падверглася канфіскацыі на карысць Расіі. Нясвіжская бібліятэка налічвала 14 892 кнігі (па іншых звестках 14 600), без уліку гравюр, планаў і нот. Яна захоўвалася ў Акадэміі навук, як асобная калекцыя не адлюстраваная ні ў якіх каталогах. Супрацоўнік акадэміі Іаан Бакмейстар пісаў: “…полученное библиотекою в 1772 году приращение превосходит все преждепомянутые… Многочисленное собрание книг, хранимое по то время в Несвице, привезено и приобщено к нашему. Дивно, что война наукам везде зловредная, в России им полезна. Она пособием нам служила в начальном ещё заведении библиотеки, и доставила ей большую часть скопленных книг”. Да 1842 г. нясвіжскі кнігазбор так і не быў разабраны і ўпарадкаваны. Пры гэтым яго дзялілі паміж рознымі ўстановамі. Частку кніг перадалі ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію і Імператарскі ўніверсітэт, частку – у Маскоўскі і Гельсінгфорскі ўніверсітэты. К. С. Радзівіл, які пазней дамагаўся вяртання бібліятэкі, быў вымушаны задаволіцца кампенсацыяй у 6 мільёнаў злотых за ўсе каштоўнасці, канфіскаваныя ў яго маёнтках.