Каляндар падзей

10 жніўня 1584 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка, у Нясвіжы, у прысутнасці братоў Альбрыхта і Станіслава, склаў ліст аб заснаванні ў горадзе езуіцкага калегіума. Выхаваны ў традыцыях рэфармацыйнага веравучэння князь яшчэ ў юнацтве вярнуўся ў лона каталіцкай царквы і прыняў рашэнне ўсімі сродкамі спрыяць умацаванню яе становішча ў ВКЛ. Галоўнай зброяй у барацьбе за гэта мусіў стаць ордэн езуітаў, дзеля чаго князь і запрасіў іх у Нясвіж. Апошнія, у асобе правінцыяла Яна Паўла Кампана і генерала ордэна Клаўдзія Аквавівы пагадзіліся на гэта толькі пры гарантыі добрага матэрыяльнага забеспячэння. Таму сваім лістом Радзівіл перадаваў новазаснаванаму калегіуму сёлы Рудаўку, Ужанку, маёнтак Ліпск з аднайменным мястэчкам і сёламі Тухавічы, Залужжа, Свяціца, Навасёлкі, Разжалавічы, Рэпіхава і Заліпенне. Ліст быў напісана на дзяржаўнай – беларускай мове – замацаваны пячаткай і ўласнаручным подпісам Мікалая Крыштапа. 4 лютага 1585 г. на Варшаўскім сойме кароль Стэфан Баторый зацвердзіў ліст-запіс князя Радзівіла, пасля чаго ён набыў юрыдычную моц. У 1586 г. пачалося будаўніцтва нясвіжскага езуіцкага калегіума. Яшчэ праз тры гады сойм вызваліў маёнткі, што былі падараваны езуітам, ад абавязковай ваеннай службы.