Каляндар падзей

13 жніўня 1950 г. згодна рашэння Савета Міністраў БССР за № 820-102 ад 5 ліпеня 1950 г. 89 твораў мастацтва, якія захоўваліся ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску былі перададзены Польскай Народнай Рэспубліцы. Сярод іх 71 партрэт Радзівілаў (у некаторых публікацыях памылкова ўказана 73), 15 партрэтаў дзяржаўных дзеячаў, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх (Уладзіслава Ягайлы, Яна ІІІ Сабескага, Яна Казіміра Вазы і інш), карціна “Выезд князя Радзівіла на мядзведзях” і два тканых пояса XVII – XVIII стст. Мастацкія творы паходзілі з нясвіжскіх збораў Радзівілаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны іх вывезлі ў Германію, потым яны трапілі ў Цэнтральнае сховішча музейных фондаў прыгарадных палацаў Ленінграда . У 1948 г. рээвакуіраваныя экспанаты перадалі ў музеі Мінска і Гродна. Рашэнне аб перадачы радзівілаўскіх партрэтаў палякам істотна збядніла і без таго небагаты музейны фонд пасляваеннай БССР і стала яшчэ адным крокам, які прывёў да раскідання нясвіжскай калекцыі па ўсёй Еўропе.