Каляндар падзей

15 жніўня 1914 г. з дазволу мінскага губернатара пачаў дзейнічаць Нясвіжскі камітэт грамадскай дапамогі хрысціянскім сем’ям і асобам, якія маюць патрэбу з-за наступстваў вайны, ачолены князем Альбрыхтам Радзівілам. Намеснікам А. Радзівіла стаў дырэктар Настаўніцкай семінарыі К. Счансновіч. Ва ўправу камітэта ўваходзілі настаяцелі праваслаўнага і каталіцкага прыходаў Рыгор Чыпуль і Пётр Зялінскі, дырэктар мужчынскай гімназіі Рыгор Палівода, земскія начальнікі Міхаіл Калмыкоў і Мікалай Фларэнцінскі і яшчэ каля 30 чалавек. У першыя месяцы на патрэбы пацярпелых ад ваенных дзеянняў было сабрана 563 рублі 15 капеек. 50 рублёў унёс непасрэдна нясвіжскі ардынат, 13 рублёў 45 капеек – айцец Р. Чыпуль, ксёндз П. Зялінскі – 38 рублёў 60 капеек. Настаўнікі і вучні мужчынскай гімназіі сабралі 54 рублі 11 капеек, служачыя Галоўнага ўпраўлення радзівілаўскіх маёнткаў – 256 рублёў 39 капеек. У верасні – кастрычніку 1914 г. грашовую дапамогу ад камітэта атрымалі 92 чалавека – у самім Нясвіжы, фальварку Альба і 14 навакольных вёсках. Акрамя таго, тром настаўнікам, якія пераехалі з польскіх губерній, было выплачана па 50 рублёў.