Каляндар падзей

16 жніўня 1586 г. Альбрыхт Радзівіл далучыўся да дамовы братоў Мікалая Крыштапа і Станіслава аб утварэнні ардынацый, заключанай у Нясвіжы 20 ліпеня таго ж года. Такім чынам былі ўтвораны тры ардынацыі – Клецкая, Нясвіжская і Алыцкая. Ардынацыяй (ад лац. ordinatio – парадак) называлася непадзельнае ўладанне, якое перадавалася па спадчыне па адметных ад нормаў Статута 1566 г. правілах. Гэтыя ўладанні не маглі дзяліцца і перадаваліся толькі нашчадкам адпаведнай мужчынскай лініі (жанчыны за спадкаемцаў не лічыліся), а ў выпадку іх адсутнасці – іншых ліній роду Радзівілаў “абы николи з дому Радивиловского маетность отчыстая и набытая не выходила”. Акрамя таго ўстанаўлівалася неадчужальнасць галоўных маёнткаў. Такі парадак павінен быў прадухіліць здрабненне спадчынных уладанняў і захаваць іх у цэласці. 10 снежня 1586 г. пагадненне зацвердзіў кароль Стэфан Баторый. Лінія алыцкіх ардынатаў (нашчадкаў Станіслава) згасла ў 1656 г., клецкіх (нашчадкаў Альбрыхта) – у 1690 г. Паступова ўсе ўладанні апынуліся ў руках нашчадкаў Мікалая Крыштапа. Нясвіжская ардынацыя аказалася самай даўгавечнай, яна праіснавала да лета 1939 г. Статус нясвіжскіх ардынатаў за 353 гады мелі 17 прадстаўнікоў дому Радзівілаў.