Каляндар падзей

2 жніўня 1549 г. у Чмелеве (Сандамірскае ваяводства, Польшча) нарадзіўся Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка, сын Мікалая Радзівіла Чорнага і Эльжбеты Шыдлавецкай, дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат, пісьменнік. Князь выхоўваўся ў традыцыях кальвінізма, але пазней вярнуўся ў лона каталіцкай царквы і шмат зрабіў для ўмацавання яе пазіцый. Актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны. Падчас Інфлянцкай вайны ачоліў уласную харугву, займаў пасады дворнага ( з 1569 г.) і вялікага маршалка (1579 – 1586), кашталяна і ваяводы троцкага (1586 – 1604), ваяводы віленскага (з 1604 г.). За яго кошт была выдадзена першая дакладная карта ВКЛ. У 1582 – 1584 гг. здзейсніў вандроўку ў Святую Зямлю, дзе быў пасвечаны ў рыцары ордэна Труны Гасподняй. Па вяртанні заняўся ўладкаваннем Нясвіжа. Пабудаваў мураваны замак, дамогся для горада прывілея на самакіраванне, заснаваў езуіцкі касцёл і калегіум, бенедыкцінскі і бернардынскі кляштары, заклаў парк у Альбе пад Нясвіжам, выдаў шэраг прывілеяў, якія рэгламетавалі жыццё горада, вызначалі правы і абавязкі месцічаў. Дзякуючы яму Нясвіж з невялікага паселішча ператварыўся ва ўзорны еўрапейскі горад. У 1586 г. заснаваў Нясвіжскую ардынацыю (непадзельнае ўладанне) і стаў І ардынатам. Памёр  у лютым 1616 г.

2 жніўня 1719 г. у Белай памёр Караль Станіслаў Радзівіл (нар. 27 лістапада 1669 г.), канцлер ВКЛ, VIII нясвіжскі ардынат з 1689 г. На яго час прыпалі падзеі Вялікай Паўночнай вайны, калі горад быў захоплены і разбураны шведамі (1706 г.). Князь, заняты дзяржаўнымі клопатамі, больш часу праводзіў у Белай (тамтэйшая рэзідэнцыя знаходзілася бліжэй да Варшавы і не пацярпела падчас вайны) і не надаваў Нясвіжу дастаткова ўвагі. Працы па аднаўленні замка вяліся марудна, і да канца жыцця Караля Станіслава ён так і не быў адбудаваны. У 1719 г. княжацкая сям’я стала ахвярай оспы. Асабліва цяжка бацька перажываў хваробу сына Міхала Казіміра. Хваляванні прывялі да таго, што сам Караль моцна занядужаў, і калі сын здолеў ачуняць, то ў бацькі ўжо не засталося сіл на змаганне з хваробай. Яго цела захоўвалася ў Белай, пазней было перавезена ў Нясвіж і 10 ліпеня 1720 г. пахавана ў касцёле Божага Цела. У шлюбе з Ганнай Кацярынай Сангушка Радзівіл меў 12 дзяцей (6 сыноў і 6 дачок). З сыноў паўналецця дасягнулі толькі Міхал Казімір, які атрымаў Нясвіж і Геранім Фларыян. Дзве дзяўчынкі таксама памерлі ў маленстве.

Беларускі плакат. Візуальны код часу

02.08.2017

З 1 жніўня па 5 лістапада 2017 года ў выставачнай зале Інфармацыйна-касавага цэнтра праходзіць выстава "Беларускі плакат. Візуальны код часу » з калекцыі...  падрабязна »