Каляндар падзей

21 жніўня 1617 г. у Нясвіж прыбыў каралевіч Уладзіслаў Ваза, які накіроўваўся ў Маскву, каб заняць царскі трон (Уладзіслаў быў абраны царом у 1610 г. і хаця з 1613 г. у Маскоўскай дзяржаве пачалося цараванне Міхаіла Раманава, каралевіч яшчэ доўгі час захоўваў за сабой гэты тытул). Перад горадам Уладзіслава спаткаў ІІ нясвіжскі ардынат Ян Юрый Радзівіл, якога суправаджала шматлікая шляхта. У езуіцкім калегіуме каралевіча віталі ўрачыстай прамовай, а ён у сваю чаргу прасіў манахаў маліцца за поспех сваёй выправы. У горадзе сустракаць Уладзіслава выйшлі цэхі пад сваімі харугвамі, з замкавых валоў яму салютавалі гарматнымі стрэламі. Падчас балявання ў палацы, калі гучаў тост у гонар высокага госця, грымнуў артылерыйскі залп такой сілы, што мала дзе ў горадзе засталіся цэлыя вокны. Каралевіч прабыў у Нясвіжы да 24 жніўня. На развітанне Ян Юрый Радзівіл падарыў яму са сваёй збраёўні дзве гарматы “Святы Мікалай” і “Святы Крыштап”, кожная з якіх важыла каля трох тон. З гэтымі гарматамі Уладзіслаў рушыў на Маскву. Вядома, што ў 1618 г. “Мікалая…” і “Крыштапа…” прывезлі пад Мажайск для аблогі крэпасці. Далей іх сляды губляюцца